Сярод даследчыкаў няма адзінства ў пытанні, што ўяўляе сабой рэпартаж. Адны лічаць, што гэта дынамічна напісаная інфармацыя, якая дае слухачу ўяўленне пра тую ці іншую падзею праз непасрэднае ўспыманне журналіста. Іншыя збліжаюць рэпартаж з карэспандэнцыяй. Думкі і ацэнкі розныя, таму што рэпартаж – не кансерватыўная форма. Ён знаходзіцца ў развіцці, і руху. Змяняюцца прыёмы, метады паднясення матэрыялу. Назіранні паказваюць, што рэпартаж здзяйсняе рух ад інфармацыйнасці да сінтэтычнасці. Такім чынам, рэпартаж можна назваць жанрам, які спалучае ў сабе, з аднаго боку, строгую дакументальнасць і аб’ектыўнасць (гэта далучае яго да інфармацыйных жанраў), з другога боку, маляўнічасць і эмацыянальнасць, яркасць вобразаў, а гэта ўжо звязана з самай істотнай прыкметай жанра, якую называюць рэпартажнасцю ва ўласным сэнсе слова. Мэта радыёрэпартажу- перанесці слухача на маесца падзеі.
